Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Як нацысты і камуністы знішчалі хадэкаў

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

З пачаткам вайны нацысты хутка акупавалі Беларусь і ўсталявалі свае парадкі. Адным з наступстваў акупацыі было адкрыццё цэркваў і касцёлаў, якія зачынялі камуністы. Але для беларускіх хадэкаў было відавочна: насамрэч адну бязбожную дыктатуру змяніла іншая, і ніякага “вызвалення” нацызм Беларусі не нясе.

Сябры БХД-БНА працягвалі служыць свайму народу на сваіх месцах — хто святаром, хто доктарам, хто аграномам, але кожны з іх разумеў: цяпер служэнне, дапамога блізкаму і краіне будзе смяротна небяспечным, бо для Гітлера сама хрысціянская дэмакратыя як ідэя — выклік.

15 снежня 1941 г. хрысціянскі дэмакрат ксёндз Станіслаў Глякоўскі, які працаваў у Чырвоным касцёле Менску, быў арыштаваны паліцыяй на канферэнцыі беларускіх школьных інспектараў — за тое, што не выкінуў руку ў нацыстоўскім прывітанні ў адказ на “Хайль Гітлер!” Быў расстраляны разам з некалькімі клерыкамі.

У 1942 годзе адзін з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці ксёндз Ільдэфонс Бобіч (Пётра Просты) быў арыштаваны акупантамі ў Іўі, дзе ён працаваў пробашчам касцёла. Два гады Бобіч утрымліваўся ў турме, падарваў там здароўе і неўзабаве пасля вызвалення ў 1944-м (28 красавіка) памёр.

Тады ж, у 1942-м у Докшыцах у выніку даносу быў забіты немцамі сябра ЦК БХД Альбін Сянкевіч.

4 ліпеня 1942 года ў сваёй рэзідэнцыі ў Альбярціне пад Слонімам быў арыштаваны адзін з духоўных лідэраў хрысціянскіх дэмакратаў — Беларускі экзарх грэка-каталіцкай царквы айцец Антоній Неманцэвіч. СД дапытвала і катавала святара да тых пор, пакуль ён не памёр ад сардэчна-сасудзістай недастатковасці 6 студзеня 1943 года ў турме ў Менску.

24 снежня 1942 года, у ноч на Раство, гестапаўцы арыштавалі каля менскага Чырвонага касцёла аднаго з заснавальнікаў БХД ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, якога падазравалі ў сувязях з заходнімі саюзнікамі. Яго адвезлі ў Трасцянец і расстралялі.

18 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі ў Росіцы нацысты і іх памагатыя знішчылі 1528 жыхароў, сярод іх і прыхільніка БХД ксяндза-марыяніна Юрыя Кашыру, які дабраахвотна застаўся ў вёсцы і пайшоў у вагонь са сваімі парафіянамі.

31 кастрычніка 1943 года проста на вуліцы Паставаў эсэсаўцамі быў застрэлены сябра БХД, старшыня Пастаўскага павету Адам Дасюкевіч, які абараняў жыхароў горада ад пабораў.

У 1943 годзе ў Плешчаніцах быў закатаваны айцец Аляксандр Коўш, адзін з лідэраў Праваслаўнага Беларускага Дэмакратычнага аб’яднання — за тое, што таемна хрысціў, вянчаў і хаваў ад гестапа тутэйшых габрэяў.

Першай ахвярай бальшавіцкага тэрору з ліку заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі быў ксёндз Міхаіл Буклярэвіч, пробашч касцёла ў Іказні Браслаўскага павету. 14 чэрвеня 1919 года на парафіяльным фэсце Цела й Крыві Хрыста ён узначаліў паўстанне супраць камуністычнай улады, якая наладзіла тэрор супраць жыхароў краю.

Паўстанцам удалося вызваліць Іказнь, Слабодку, Мілашова, Мёры, Чэрасы, Ёды, Шаркаўшчыну, Германавічы, але сілы былі няроўныя. Пасля разгрому паўстання 27 чэрвеня 1919 года ксёндз Буклярэвіч быў асуджаны на смерць і расстраляны.

29 снежня 1926 года ОГПУ арыштавала сябра БХДЗ ксяндза Язэпа Барадзюлю, пробашча парафіі ў Бешанковічах, Ушачах і Камені-Губінскім. 25 гадоў ксяндза Язэпа кідалі па савецкіх лагерах: 3 гады на Салаўках, 3 гады Архангельск, Сыктыўкар, вызваленне, адмова супрацоўнічаць з ворганамі — зноў Архангельск, Нарыльск, Каларгон, Канск, Тугач Краснаярскага края, вызваленне, зноў арышт, на гэты раз пажыццёвая ссылка ў Сібір…

У 1927 годзе ОГПУ быў арыштаваны ксёндз Ян Вярсоцкі, удзельнік гістарычнага з’езду 1917 года, з 1919 года — адміністратар парафіі Забэлы на Віцебшчыне. З 1928 года на Салаўках, зноў арыштаваны ў 1931 годзе, адпраўлены ў лагер у Алма-Ату, па сканчэнні тэрміну прысуджаны да расстрэлу і знішчаны ў турме НКВД 11 снежня 1937 года.

16 чэрвеня 1931 года ў Вільні ў выніку тэрору звар’яцеў і застрэліўся сябра БХД, пробашч касцёла ў Кемелішках ксёндз Францішак Рамэйка.

У 1934 годзе савецкая выведка выманіла ў БССР былога старшыню ЦК БХД кампазітара Паўла Карузу і пад катаваннямі вымусіла яго ілжэсведчыць супраць хрысціянскіх дэмакратаў. Арыштаваны ў тым жа 1934-м, Каруза прайшоў Салаўкі (1934-1947), потым Нарыльскі лагер (1949-55) і памёр у Вільні ў 1988-м.

Увосені 1939-га, пасля захопу Саветамі Заходняй Беларусі, НКВД арыштавала большасць кіраўнікоў хадэцыі, якія яшчэ заставаліся ў краіне.

Былы сенатар Рэчы Паспалітай, лідэр праваслаўнага крыла БХД Вячаслаў Багдановіч, вызвалены з польскага канцлагеру ў Картуз-Бярозе, быў закатаваны ў турме ў Вілейцы ў канцы 1939-га.

Старшыня ЦК БНА Ян Пазняк быў вывезены з Вільні ў Старую Вілейку і забіты каля 1940 года.

Архімандрыт Францішак Абрантовіч, стваральнік БХДЗ, быў захоплены немцамі ў 1939-м, перададзены НКВД, катаваны — і памёр пакутнікам у маскоўскай Бутырцы ў 1946-м.

Баляслаў Бабарыка-Гапановіч, кіраўнік будслаўскага гуртка БХД, арыштаваны ўвосені 1939-га, прайшоў ГУЛАГ і ў 1942 годзе як былы польскі грамадзянін трапіў у Армію Андэрса. Ваяваў. Тымчасам ягоная сям’я і старыя бацькі былі адпраўленыя ў ссылку ў Казахстан як сваякі “ворага народа”.

У 1944 і 1949 гадах НКВД арыштоўвала лідэра БХД ксяндза Адама Станкевіча. У 1949 годзе з прысудам 25 гадоў пазбаўлення волі ён быў вывезены ў Іркуцкі лагер, дзе і сканаў. Лагерная ахова здзеквалася нават над ягоным трупам.

У 1944 годзе НКВД быў арыштаваны літаратуразнаўца, сябра ЦК БНА і рэдактар часопіса “Калосьсе” Янка Шутовіч. Атрымаўшы 10 гадоў лагероў, ён быў вызвалены ў 1954-м, але яшчэ два гады правёў у высылцы ў Карагандзе.

У 1945 годзе быў арыштаваны і зняволены дзядзька Яна, сябра БХД ксёндз Віктар Шутовіч ( прысуд — 10 гадоў турмы). Вызвалены з ГУЛАГу ў 1956-м, ксёндз Віктар да смерці ў 1960-м кіраваў падпольнай парафіяй у Барысаве.

Псіханеўролаг Станіслаў Грынкевіч, сябра ЦК БХД і БНА, быў арыштаваны саветамі ды закатаваны ў Магілёве ў 1945-м.

Стваральнікі БХДЗ, генерал ордэну марыянаў айцец Андрэй Цікота і айцец Язэп Германовіч, накіраваныя касцельнымі ўладамі з місіяй у Харбін, у 1948 годзе былі выданыя кітайскімі камуністамі саветам, атрымалі па 25 гадоў прысудаў і прайшлі сібірскія лагеры. Цікота загінуў у 1952-м пад Брацкам, Германовіч дажыў да смерці Сталіна і па вызваленні выбраўся на Захад.

Адзін з праваслаўных лідэраў БХД, арыштаваны пасля вайны, выдавец Яўхім Красоўскі, быў асуджаны на 25 гадоў лагероў і выйшаў толькі пасля смерці Сталіна.

Старшыня ЦК БХД у 1931-36 гадах, віцэ-старшыня БІГіК Адольф Клімовіч быў арыштаваны МГБ у 1952 годзе ў Лідзе, прысуджаны да расстрэлу, але пасля смерці Сталіна вышэйшая мера была замененая на 25 гадоў лагероў. Вызвалены ў 1956-м.

З лідэраў БХД ад абодвух таталітарных рэжымаў уратаваліся адзінкі — толькі тыя, хто здолеў выбрацца за мяжу. Так, вайсковец і публіцыст Дамінік Аніська пасля савецкага лагеру трапіў у Армію Андэрса і апынуўся ў Лондане; сябра ЦК БХД доктар Язэп Малецкі эміграваў у Аўстралію; сябра ЦК БХД пісьменнік Язэп Найдзюк пад чужым прозвішчам да канца жыцця хаваўся ў Польшчы.

 

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.