Павел Севярынец. СТАГОДДЗЕ БХД. Адраджэнне 1990-х

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Павел СЕВЯРЫНЕЦ

Нарадзіўся 30 снежня 1976 г. у Воршы. У 2000-м скончыў БДУ, атрымаўшы дыплом інжынера-геолага. У 1997-2004 гг. — заснавальнік і кіраўнік “Маладога фронту”. З 2005-га — сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Больш за 5 гадоў правёў у турмах, на “сутках” ды ў ссылках па палітычных прысудах. Заснавальнік асветніцкіх праектаў “Курсы дыджэяў Адраджэння” і “Шоў беларушчыны”, серыі музычных альбомаў “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Аўтар кнігаў “Дыджэй Адраджэння”, “Пакаленне Маладога Фронту”, “Брату”, “Люблю Беларусь”, “Лісты з лесу”, “Беларуская глыбіня”. Лаўрэат літаратурных прэміяў імя Алеся Адамовіча і Францішка Аляхновіча, прэміі “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Жанаты з Воляй Севярынец. Хрысціянін.

Другая палова ХХ стагоддзя – ад вайны да савецкай Перабудовы – засталася ў гісторыі беларускай хрысціянскай дэмакратыі  эпохай рэха. Дзясяткі лідэраў і сотні сябраў партыі былі знішчаныя, арыштаваныя, раскіданыя па свеце. 1950-я-1980-я гады сталіся часам збірання інфармацыі, успамінаў, слядоў легендарнай БХД – прычым пераважна на эміграцыі: у СССР  гісторыя “буржуазнай, клерыкальнай, нацыяналістычнай партыі” была проста пад забаронай.

З сябраў кіраўніцтва БХД ацалелі хіба Віктар Шутовіч (пасля ГУЛАГу служыў у падпольнай парафіі ў Барысаве, памёр у 1960 годзе), Дамінік Аніська (праз удзел у Арміі Андэрса трапіў у Велікабрытанію, памёр у Лондане ў 1971 годзе),  Янка Шутовіч ( пасля ГУЛАГу –  у Вільні, адышоў у 1973 годзе), Язэп Германовіч ( пасля вызвалення – у Лондане, памёр у 1978 годзе), ксёндз Пётра Татарыновіч (на эміграцыі ў Рыме, адышоў у 1978 годзе), Язэп Малецкі ( з 1944 году на эміграцыі, стаў лідэрам беларускай дыяспары ў Аўстраліі, памёр там у 1982 годзе), Язэп Барадзюля (пасля ГУЛАГу – у касцёле ў Рызе, памёр у 1983 годзе), Язэп Найдзюк (пасля вайны жыў у Польшчы пад імем Юзафа Александровіча, памёр у 1984 годзе), Віктар Ярмалковіч (пасля ГУЛАГу працаваў дантыстам у Польшчы, памёр у  1987 годзе), Павел Каруза (пасля ГУЛАГу ў Вільні, адышоў у 1988 годзе) і нямногія іншыя. 

Успаміны і матар’ялы, датычныя БХД, захаваліся ў архівах дзякуючы падшыўкам “Крыніцы” і “Хрысціянскай думкі”, а таксама ў кнізе Язэпа Малецкага “Пад знакам “Пагоні”, часопісе “Божым шляхам”, які выдавалі айцы Леў Гарошка, Язэп Германовіч і Аляксандр Надсан. Біяграфіі дзеячаў БХД сабраў увадно Юрась Гарбінскі, звесткі пра рэпрэсаваных святароў – Леанід Маракоў.

Але ідэя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі, пасеяная ў крыві і попеле, толькі чакала свайго часу, каб прарасці.

Напрыканцы ХХ стагоддзя, на 70-ым годзе свайго існавання (відавочныя паралелі з біблейскай гісторыяй і вавілонскім палонам)  Савецкі Саюз заканамерна пагрузіўся ў крызіс. Перабудова 1985-89 гадоў узламала закасцянелую савецкую дыктатуру знутры. Дэмакратызацыя і галоснасць разам з эканамічным крызісам адчынілі брамы для некамуністычных сілаў – і прывялі да стварэння адзінага фронту антысавецкіх  ліберальных, кансерватыўных, сацыял-дэмакратычных і хрысціянска-дэмакратычных рухаў. 

Заснавальнік і лідэр БНФ, Зянон Пазняк быў унукам аднаго з кіраўнікоў БХД і старшыні БНА – Яна Пазняка, знішчанага камуністамі ў 1940-ым годзе. У гэтым – глыбокі сімвалізм і пераемнасць пакаленняў беларускага руху. Менавіта Зянон Пазняк як вернік сфармуляваў галоўны імператыў нацыянальнага Адраджэння на развалінах савецкай сістэмы, у галодныя 1990-я: “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога”. Аўтар глыбокіх аналітычных артыкулаў, вершаў і фотаальбомаў з выразным хрысціянскім кодам,  Зянон Пазняк з поўным правам можа лічыцца адной з ключавых асобаў у справе аднаўлення хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі.

Сярод сябраў тадышняга шырокага БНФ мы заўважаем і іншых будучых дзеячаў хрысціянскай дэмакратыі – Міхася Арэшкава, Эрнста Сабілу, Мікалая Крукоўскага, Генадзя Грушавога, Юрыя Хадыку ды іншых.

“Усё тады круцілася вакол БНФ” – узгадвае адзін з аднаўляльнікаў БХДЗ праваслаўны актывіст Міхась Арэшкаў, - “І пазнаёміліся мы з будучымі хрысціянскімі дэмакратамі якраз на фронтаўскіх сходах”.

Цесна звязанай з Народным фронтам была і Беларуская Каталіцкая Грамада – грамадская арганізацыя, створаная вернікамі дзеля “вяртання беларускага Касцёлу да нацыянальных вытокаў”. Устаноўчы сход БКГ прайшоў 16 чэрвеня 1990 года – і ў яе працы бралі ўдзел Сяржук Абламейка, Данута Бічэль, Мікола Купава, Яўген Шунейка, Фелікс Янушкевіч, Алесь Бяляцкі ды іншыя вядомыя дзеячы інтэлігенцыі. Грамада перавыдала кнігу ксяндза Адама Станкевіча “Родная мова ў святынях”, зборнік вершаў  Андрэя Зязюлі (ксяндза Аляксандра Астрамовіча), а таксама дамагалася беларусізацыі касцельнага жыцця.

Сэрцам БКГ была супольнасць менскага касцёла святога Роха (“касцёл на Залатой горцы”): паводле Алеся Бяляцкага, увесь Касцёл глядзеў на яскравы маладзёвы, творчы рух і чакаў, што з гэтага атрымаецца. Людзі масава пайшлі ў супольнасць – і быў адчынены шлях да беларусізацыі іншых парафіяў.

У 1992 годзе, паводле сведчанняў старэйшых фронтаўцаў, БНФ мог ператварыцца ў хрысціянска-дэмакратычную партыю: тады і Зянон Пазняк, і ягоны антаганіст прафесар Юрый Хадыка разам заклікалі выбраць хадэцыю як галоўнае рэчышча ідэалогіі Фронту. Але на праграмным З’ездзе 30 траўня 1993 года група прагматыкаў заблакавала гэты праект.

Тым ня менш, праз дзесяцігоддзе менавіта з нетраў БНФ ды ягонага маладзёвага крыла – Маладога Фронту – выйшлі тыя, хто напачатку ХХІ стагоддзя аднавіў саму Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.

Увесну 1991 года сярод сябраў БНФ склалася ініцыятыўная група аднаўлення Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Збіраліся ў Доме Бембеля – сядзібе скульптара Андрэя Бембеля і ягонага сына Алега ў цэнтры Менску, дзе цяпер месціцца Саюз Мастакоў Беларусі. Ідэя была стратэгічная: адрадзіць легендарную хрысціянска-дэмакратычную партыю, усталяваць стасункі з міжнародным хадэцкім рухам, у хаўрусе з БНФ ды БСДГ ахапіць большую частку беларускага палітычнага поля, узяць уладу і ператвараць посткамуністычную Беларусь  паводле запаветаў Хрыста.

1 чэрвеня 1991 года у  Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Удзельнічалі 102 чалавекі, у асноўным прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – менавіта яны сталі ядром новай партыі. Паводле Статута, сябрам БХДЗ мог быць любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе маральна-этычныя запаветы Хрыста.

 Сустаршынямі БХДЗ сталі грамадскі актывіст Міхась Арэшкаў (ад праваслаўных), пастар Беларускай Евангельскай Царквы Эрнст Сабіла (ад пратэстантаў), паэтка й выкладчыца Ірына Багдановіч (ад рыма-каталікоў), мастак і скульптар Фелікс Янушкевіч (ад грэка-каталікоў) і Пятро Сілка (сустаршыня-каардынатар). 16 снежня 1991 года БХДЗ была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі.

БХДЗ аднавіла выданне знакамітай “Крыніцы”, якую рэдагаваў Алесь Траяноўскі. На той момант толькі БНФ і БХДЗ мелі свае масавыя партыйныя выданні.

Найбольш моцныя рэгіянальныя аддзяленні БХДЗ былі створаныя ў Гомелі, Гародні, Берасці,  Магілёве, Полацку.

Кіраўніцтва БХДЗ наладзіла сувязь з Хрысціянска-Дэмакратычным Інтэрнацыяналам і падрыхтавала дакуманты для ўступлення ў сусветную хадэцкую сям’ю.

Разам з тым, галоўнай праблемай БХДЗ 1991-94 гадоў была слабая сувязь з цэрквамі і асяроддзямі вернікаў, а таксама несістэмнасць  працы з рабочым, маладзёвым, прадпрымальніцкім рухам. БХДЗ засталася нешматлюднай партыяй веруючай інтэлігенцыі – і хутчэй спробай, чым рэальным адраджэннем БХД.

 

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017”

 

Працяг будзе

 

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. 
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.