Збітых у спецвучылішчы падлеткаў пакаралі за… брыдкаслоўе

Навучэнцаў магілёўскага спэцвучылішча, якія самавольна пакінулі закрытую ўстанову, пакаралі папярэджаньнем за брыдкаслоўе.

Папярэджаннем пакарала камісія па справах непаўналетніх Ленінскага раёну Магілёва навучэнцаў спецвучылішча № 2, якія 26 лістапада самавольна пакінулі тэрыторыю закрытай установы.

Навучэнцаў спецустановы вядуць на камісію

Пасля трох гадзінаў «самаволкі» іх затрымалі і вярнулі назад. Тады, сцвярджаюць падлеткі, іх збілі супрацоўнікі вучэльні. Адзін трапіў у шпіталь з пашкоджаным хрыбтом. На камісіі 27 снежня яго не было, ён далечваецца ў спецыяльнай установе. Астатніх уцекачоў даставілі ў магілёўскую школу № 19, у якой адбывалася пасяджэнне камісіі.

Наталля Варанкова, маці аднаго з уцекачоў, якая прысутнічала ў якасці законнага прадстаўніка свайго сына Цімафея, кажа, што хлопцаў вінавацілі ў брыдкаслоўі. Маўляў, калі затрымалі, тыя нецэнзурна выказваліся. Тэму ўцёкаў, казала яна, камісія згадвала ўскосна. Пытанняў пра збіццё і прычыны ўцёкаў навучэнцам не задавалі.

«Камісія настойвала, што нецэнзурна Цімафей выказваўся пасля таго, як яго затрымалі. Я ж на гэта сказала, калі яго ўдарылі, то, зразумела, ён агрызнуўся. Я пытала пра ўцёкі, але гэтую тэму далікатна абыходзілі, разглядаючы сынаву справу. Было адчуванне, што камісія ўпершыню чула пра ўцёкі навучэнцаў спецвучылішча», — гаварыла Наталля Варанкова па сканчэнні разгляду справы яе сына.

Наталля Варанкова і яе сын Цімафей

Паводле Наталлі Варанковай, Цімафей сам заявіў, што ён і ягоныя сябры кінуліся наўцёкі праз невыносныя ўмовы утрымання. На гэтыя словы камісія адрэагавала маўчаннем.

Справу сына, як кажа спадарыня Наталля, камісія разглядала спакойна і карэктна, а выканаўца абавязкаў дырэктара паабяцаў, што ўмовы ўтрымання падлеткаў у вучэльні будуць палепшаныя.

Цімафею Варанкову вынесена адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе папярэджання. Пра папярэджанні гаварылі і іншыя навучэнцы, якія збеглі з спецустановы.

Паводле спадарыні Наталлі, сын яшчэ знаходзіцца ў прыгнечаным стане, але стараецца выглядаць бадзёра. Кажа, што рэжым у вучэльні памякчэў, ранейшага прэсінгу няма.

На гутарку навучэнцаў прывезлі ў спецыяльнай форме, якую прымушаюць надзяваць парушальнікаў рэжыму.

Пастанова камісіі пра пакаранне

На разглядзе спраў навучэнцаў камісія па справах непаўналетніх не дазволіла прысутнічаць карэспандэнту БелаПАН. Журналісту патлумачылі, што ён загадзя не звярнуўся з адпаведным запытам, але пасяджэнне лічыцца адкрытым, бо на разгляд спраў запрошаныя законныя прадстаўнікі непаўналетніх.

Кіраўнік спецыяльнай прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 і яго намеснік арыштаваныя. Іх вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле следства, абвінавачаныя збівалі хлопцаў, высвятляючы прычыны і абставіны іх уцёкаў з закрытай установы.