Юбілейны канцэрт «Народнага альбома» выкладзены на YouTube

НаYouTube адбылася прэм’ера відэаверсіі праекта «Народны альбом», адроджанага па ініцыятыве тэлеканалу «Белсат». Канцэрт стаў адным з галоўных хітоў навагодняй ночы 2017 — толькі праз інтэрнэт, без уліку спадарожніка, трансляцыю глядзелі тысячы карыстальнікаў з 19 краін свету.

Канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў» адбыўся на пачатку верасня ў Беластоку, квіткі на яго разыйшліся за дзве гадзіны.

У стварэнні юбілейнай версіі бралі ўдзел Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч, а таксама свежыя сілы ў асобах музыкаў Apple Tea, духавой секцыі, бэк-вакалістаў, актораў другога плану.

Таксама ў сеціва выкладзены дакументальны фільм «Ненаўмысны шэдэўр», які распавядае пра тое, як ствараўся праект.

24 лютага ў мінскім Prime Hall адбудзецца першы за 10 год паказ «Народнага альбому» ў Беларусі. Квіткі на месцы за столікамі і на сектарах ужо разыйшліся, засталася толькі частка танцпляцу па 35 рублёў. Набыць квіткі можна ў Тэатральна-канцэртнай касе па вул. Калініна, 5 з панядзелка па пятніцу з 10:00 да 19:00 альбо праз сайты Ticketpro.by, Bezkassira.by.