Другие материалы рубрики «Экономика»

  1. Над белорусскими чиновниками вновь поэкспериментируют
    Оказывается, «одному из самых компактных государственных аппаратов в мире» требуется кадровая оптимизация…
  2. Шакутин не купил бы квартиру в «доме Чижа» и не боится повторить судьбу опального олигарха
    Председатель совета директоров ОАО «Амкодор» Александр Шакутин не боится оказаться за решеткой, потому что строит бизнес на честной основе.


Экономика

«Мы хочам працаваць. Палітыкі нам ня трэба». У Магілёве прадпрымальнікі вырашалі, што рабіць далей


Магілёўскія прадпрымальнікі ня выйдуць на працу, пакуль ня будзе мараторыю на праверкі альбо пакуль не прыпыняць дзейнасць указу № 222.


Віленскі рынак у Магілёве зараз амаль пусты

Заклікі аднавіць гандаль на рынках і ў гандлёвых цэнтрах яшчэ да таго, як указ прыпыняць і ўвядуць мараторый, варта расцэньваць як правакацыю. Пра гэта заявілі 12 студзеня на прадпрымальніцкім сходзе больш за сотню бізнесоўцаў. Яны сабраліся на самым вялікім гарадскім рынку — Віленскім. Ініцыявалі сход удзельнікі прадпрымальніцкага антыкрызіснага форуму, які адбыўся ў Менску напярэдадні. 

Пачаўся сход са справаздачы тых, хто браў удзел у прадпрымальніцкім форуме. Пра ягоныя вынікі бізнесоўцы казалі са спадзевам на пазітыўныя змены.

«Скажу вам шчыра, што ў мяне да ўчорашняга дня не было ўпэўненасці, што мы будзем працаваць, — звярнуўся да сваіх калегаў адзін з прадпрымальнікаў. — Учора ў мяне гэтая ўпэўненасць з'явілася. На форуме было блізу паўтары тысячы народу. Былі двое чыноўнікаў, якія, будзем гэтак казаць, заявілі, што будуць з намі працаваць».

«На форум, зразумела, запрашалі прадстаўнікоў ураду, але ніхто не прыйшоў, — працягнуў удзельнік менскага форуму. — Ва ўрадзе ж усе баяцца толькі аднаго чалавека. А гэтаму чалавеку не да нас зусім. Спецслужбы ўсё адно манітораць: хто працуе, а хто не».

«Яны хацелі, каб мы выйшлі на працу, — дадаў яшчэ адзін удзельнік форуму. — Але ўся заля сказала, што гэтага больш ня будзе, пакуль у нас ня будзе канкрэтнага рашэння».



Паводле ўдзельнікаў форуму, на ім агучваліся звесткі, што прадпрымальнікам, якія наважыліся гандляваць, падаткоўцы нібыта дазваляюць працаваць безь неабходнага пакету дакументаў. Магілёўскія бізнесоўцы расцанілі такія дзеянні як правакацыю і заклікалі сваіх калегаў не паддавацца на яе.

«Гэта робіцца для таго, каб людзі выйшлі на працу. Да 25 студзеня нічога ня вырашыцца. Вы разлічвайце на доўгае стаянне. Калі мы выстаім, дык пераможам. Мараторый да 25 чысла ня будзе падпісаны. Ня трэба паддавацца на правакацыі. Калі прэзідэнт краіны нам скажа: «Вось вам мараторый на праверкі, працуйце», дык мы можам выйсці на працу. Калі ж гэта скажа нейкі чыноўнік і ў друку ня будзе такога распараджэння, то гэта правакацыя», — казалі ўдзельнікі менскага форуму.

Грамада ўхвальна адрэагавала на такія заклікі. Некаторыя згадалі леташняе супрацьстаянне, выкліканае указам № 222, і тагачасную веру ў чыноўніцкае слова:

«Тады нам сказалі, што ўсё будзе добра, і мы выйшлі на працу, а ўказ пра дазвол на гандаль быў падпісаны пры канцы сакавіка і не на нашу карысць», — выказалася адна з прадпрымальніц.

Магілёўскія ўдзельнікі форуму звярнуліся да сваіх калегаў-прадпрымальнікаў з прапановаю пісаць на зачыненых павільёнах сапраўдную прычыну, чаму яны не працуюць: «Напісаць на ралетах, што мы не працуем не таму, што мароз, як кажуць чыноўнікі, а таму, што мы ня можам працаваць. Нам не даюць».

Удзельнікі сходу пастанавілі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў на другі прадпрымальніцкі форум. Акрамя таго, заняцца пытаннямі юрыдычнай дапамогі тым прадпрымальнікам, у якіх падатковыя і фінансавыя органы канфіскавалі тавар і наклалі штраф.

«Я думаю, што сітуацыя зменіцца, — выказвае меркаванне адзін з удзельнікаў сходу. — Урад пачуе нас і пойдзе хоць на нейкія саступкі. Мы ж многага не патрабуем».

Наступныя суразмоўцы выказаліся скептычна адносна таго, што ўлада пойдзе на саступкі прадпрымальнікам: «Няма ў нас даверу. Гэта ж ня першы год ката за хвост цягнуць. А сэнсу ня бачым мы. Цяпер во пойдзем у службу занятасці займаць чаргу. Трэба станавіцца на ўлік на працу».

На пытанне, ці вернуцца на рынак, калі сітуацыя зменіцца, суразмоўцы адказвалі: «У людзей няма грошай ужо на рынкі хадзіць. Дый мы стаміліся маральна. Мы б мо і працавалі яшчэ, але з такімі падаткамі… Толку няма. Дык і людзей няма. Няма каму купляць».

Пэўнасці, што ўлада саступіць, ня мае і наступная суразмоўніца. Паводле яе, дробныя прадпрымальнікі ствараюць канкурэнцыю буйным вытворцам, а паколькі ў людзей няма грошай, то яны ідуць па таннае на рынкі:

«Гэта здараецца не ўпершыню. Улада ня хоча пачуць і зразумець нас, народ. Мы ім ня выгадныя. Да нас народ ідзе. У нас цэны ніжэйшыя. Мы канкурэнтныя. Народ ідзе да нас, а не да іх. Але спадзяюся, што ўлада нас пачуе. Мы ж жылі з гандлю, і нашы сем’і з гэтага жылі».

На думку наступнага суразмоўцы, вялікі працэнт цяперашніх гандляроў на рынку асабліва ўжо і не трымаецца за свой занятак:

«Людзі і так гэтую працу кінуць бяз гэтых усіх законаў. Пакупніцкая здольнасць у насельніцтва дужа ўпала. Калі людзі знойдуць сабе працу па-за рынкам за чатыры мільёны, адразу ж збягуць. У цяперашніх умовах людзям выгадней нават дома сядзець, як гэта ні парадаксальна гучыць, чым 500 даляраў плаціць падаткаў. Гэтыя ж 500 даляраў і не адаб’еш, як у нас кажуць», — выказваецца прадпрымальнік.

Як і на мінулым сходзе, які адбыўся на гэтым жа рынку 5 студзеня, прадпрымальнікі дыстанцыяваліся ад палітычных патрабаванняў.

«Мы ня хочам бегаць па вуліцах з транспарантамі. Нам гэта ня трэба. Нам патрэбная праца. Мы не высоўваем ніякіх палітычных патрабаванняў. Нам гэта таксама не патрэбна. Мы не імкнёмся ва ўладу. Мы патрабуем: дайце нам працаваць, і ўсё», — заявіў ад імя прадпрымальніцкай грамады, якая сабралася на рынку, адзін зь бізнесоўцаў.

«Ці слушна вы робіце, калі пазбягаеце палітыкі, не выступаеце з палітычнымі лозунгамі, напрыклад?» — звяртаюся да аднаго з удзельнікаў сходу.

«Гэта, відаць, ня дужа слушна, калі быць да канца, на сто працэнтаў шчырым, — адказвае ён. — Але мы ўсе ведаем, што хочам жыць добра і пасля гэтага. Палітыка? Што мы зробім?»

Паводле ўдзельнікаў сходу, на Віленскі рынак прыехалі гандляры зь іншых гарадскіх рэчавых рынкаў, а таксама гандлёвых цэнтраў. Бальшыня прадпрымальнікаў не выходзіць на працу ад 1 студзеня, калі ўступіў у сілу прэзідэнцкі ўказ.


Згодна з указам № 222 прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасці дакументаў, якія пацьвярджаюць якасць і паходжанне тавараў. Гэты ўказ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасці.



Оценить материал:
Средний балл - 4.40 (всего оценок: 5)

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева