Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Формула Радзькоў — Лявінскі

Беларуская дэмакратыя яшчэ зусім малая, нібы немаўля. Таму выпадкі публічнай хлусні чыноўніка, як правіла, успрымаюцца ў нас паблажліва...

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Дэмакратыя — гэта зусім не «ўлада народа» і не тое, «лепшага за што чалавецтва не прыдумала». Пакінем словы, якія ў рэальным жыцці мала што значаць. Прынамсі сёння, калі нашмат больш зразумела гучыць выслоўе Гамсахурдзіі: «Дэмакратыя — гэта вам не лобіо кушаць!» У тым сэнсе, што дэмакратыя — гэта не здабытак, не грошы на рахунку, а штодзённае выпрабаванне — на праўду.

Колькі міністраў і прэзідэнтаў склалі свае палітычныя галовы ў гэтым бескампрамісным баі! Схлусіў — сыходзь. Чыноўнік не мае права падманваць. Згадайце гісторыю Клінтана і Монікі Лявінскі. З-за чаго разгарэўся шум на ўвесь свет? Не з-за кантактаў Прэзідэнта і практыканткі, а з-за таго, што Клінтан публічна сказаў няпраўду. У чым пасля публічна і прызнаўся.

Беларуская дэмакратыя яшчэ зусім малая, нібы немаўля. Таму выпадкі публічнай хлусні чыноўніка, як правіла, успрымаюцца ў нас паблажліва, як лепет. Маўляў, што не зляціць з дзіцячых вуснаў. А потым, няма ў нас ніякіх механізмаў выкрыцця чыноўніцкага падману. І ад таго, што я раскажу вам гэтую гісторыю, ніхто нават не пачырванее. Таму даруйце мне марна страчаную на чытанне хвіліну, але на скрыжалях гісторыі мы гэты выпадак пакінем — як навуку для тых беларускіх міністраў, што будуць выслаўляцца некалі пасля, ужо пры развітай беларускай дэмакратыі. Назва для прыклада ў адпаведным падручніку напрошваецца сама: «Формула Радзькоў — Лявінскі».

Надоечы міністр адукацыі Радзькоў выступаў перад Палатай прадстаўнікоў нацыянальнага сходу. Ён прадстаўляў законапраект «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» і сказаў літаральна наступнае:

«У некаторых выпадках праблемы адзінства беларускай мовы набываюць палітычнае адценне, нават імкненне да вяртання дарэформеннага правапісу. Гэты закон стане дзейсным сродкам спынення практыкі непрадуманага і па сутнасці супрацьзаконнага ўжывання ў перыёдыцы так званай «тарашкевіцы».

«Тарашкевіца», якой у беларускім варыянце гісторыі Клінтана выпала роля Монікі Лявінскі, — гэта правапіс беларускай мовы, які ўжываўся ў БССР да 1933 года. У 33-м гэты правапіс пастановаю Савета народных камісараў памянялі на іншы — «з мэтай спрашчэння і набліжэння» беларускай мовы да расійскай. Заадно ў Мінскай турме былі расстраляныя ўсе мовазнаўцы, якія выступалі супраць такога закону.

Натуральна, з падзеннем камунізму на хвалі дэмакратызацыі новыя беларускія перыядычныя выданні вярнуліся да «рэпрэсаванага» правапісу. І цяпер у беларускай мове ёсць два правапісы — афіцыйны і «тарашкевіца». І ў кожнага ёсць свае апалагеты.

Сітуацыя не задавальняе ніводзін з бакоў. Усе хацелі б адзінства. Толькі прыхільнікі «тарашкевіцы» заклікаюць да адзінства праз шырокае абмеркаванне, а чыноўнікі імкнуцца заканадаўча прыдушыць усіх нязгодных. Самы яркі эпізод такога гвалту здарыўся ў 1998 годзе, калі міністр Падгайны «наехаў» на газету «Наша Ніва». І быў суд — Вышэйшы гаспадарчы. Былі дэбаты. І суд пастанавіў, што ў прынцыпе не судзейская гэта справа —мовазнаўчыя тонкасці, а таму права «Нашай Нівы» пісаць дарэформенным правапісам — законнае.

Болей гэтае рашэнне суда ніхто не аспрэчваў. Гэта значыць, што ў міністра Радзькова на трыбуне парламента не было ніякіх падставаў казаць, што выкарыстанне «тарашкевіцы» — супрацьзаконнае.

Але міністр сказаў. Можна толькі ўявіць сабе, што ў такім выпадку пачалося б у краінах развітай дэмакратыі...

Але беларуская дэмакратыя яшчэ зусім малая, каб зважаць на такія рэчы. Хоць, згадзіцеся, сказаць, што прадмет абмеркавання супрацьзаконны — значыць, ужо адмысловым чынам настроіць дэпутатаў і паўплываць на іх працу, якая цяпер можа пайсці не ў праўдзівым, а ў фальшывым рэчышчы. І тут адно чапляецца да другога. У выніку з’явіцца новы закон, які будзе неадэкватна трактаваць рэчаіснасць, а следам уступяць у дзеянне праваахоўныя органы, якія за няправільна ўжытае пераднаціскное «я» змогуць пасадзіць якога-небудзь небараку на суткі ці нават на «хімію»...

А цяпер скажыце — каму гэта ўсё трэба? Грамадству? Міліцыі? Судам?

І самае галоўнае. Ці паспрыяе такі закон нашаму ўсебеларускаму моўнаму адзінству, праблему якога, нібыта, вырашаў на трыбуне парламента Радзькоў? Хутчэй за ўсё, апалагеты «тарашкевіцы» зашыюцца ў глухую апазыцыю і будуць працягваць друкаваць сваю перыёдыку і кнігі падпольна, але ад гэтага ў мазгах беларускамоўнай і школьнай публікі не стане менш разнабою, блытаніны і непісьменнасці.

Можа быць, каб не павялічваць гэтага ўсеагульнага разладу, спадару Радзькову — у інтарэсах нашай агульнай Радзімы — варта было б публічна прызнаць няпраўду? Так, як гэта зрабіў Біл Клінтан?


  • Не знаю, зачем нужен возврат к тарашкевице. Поколения людей, говорившее на ней уже давно нет. А поколение ныне живущее не очень то и стремится говорить на сегодняшнем современном белорусском языке. Если бы стоял выбор между тарашкевицей и современным белорусским языком, то я бы выбрал последнее.
  • Ваша права. Толькі гаворка не пра тое, каму што падабаецца, а пра тое, што людзі, надзеленыя ўладай, не маюць права казаць няпраўду. Мне таксама кароткашэрсныя рэтрыверы больш імпануюць, чым пекінесы, але наўрад ці гэта апраўдвае тых, хто перад абедам не мые рукі. Давайце па-сутнасці.
  • Очень хороший текст. Вопрос поставлен нетривиально: привыкли в понятиях нравится- не нравится, можно -нельзя о белорусском языке рассуждать, без подробностей.
  • Дело вот в чем, уже наверно все поняли, что все должности в белорусском правительстве носят декоративный характер. Так что, то о чем говорят чиновники, не есть свидетельство их собственного мнения. Фигура Радькова мне не приятна, этот человек в могилу сведет все белорусское образование. У власти не должны стоять слабые люди... Власть врет, власть отбирает...сначала флаг, затем герб, теперь язык. Народ лишается духовной свободы.
  • Ведаеце, што кідаецца ў вочы, калі параўноўваеш беларускія ружовыя і пушыстыя газеты з заходнімі? Там са старонак проста фантаны б"юць усялякай гразі, скандалаў і абвінавачанняў. На першы погляд, каму такія газеты патрэбныя? Насамрэч яны выконваюць ролю інструмента дэмакратыі -- ні адна хлусня, ні адзін непрыстойны ўчынак надзеленага ўладай чыноўніка не застаецца незаўважаным публікай. Калі і ў нас газеты перастануць быць творамі дэкаратыўна-прыкладнога жанру, іх можна будзе і не чытаць. Затое ўлада будзе зусім іншай -- прынамсі, праўдзівай. Але для гэтага ўсім нам трэба разлюбіць сваё існаванне ў салодкай мане. Глядзіце, як вы пішаце -- "Народ лишается духовной свободы". Лишает-ся. Зваротная часціца "ся" азначае -- сябе. Гэта значыць, урэшце, што народ сам сябе свабоды і "лишает".